ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (аднаўленчы). Адбыўся 2.11.1996 у Мінску. Прысутнічалі 443 дэлегаты ад 1160 чл. партыі, якія выступілі ініцыятарамі аднаўлення КПБ як самаст. партыі. Прынятая з’ездам рэзалюцыя адмяняла рашэнне Трыццаць другога з’езда КПБ аб уваходжанні КПБ у склад Партыі камуністаў беларускай, абвяшчала адноўленую Кампартыю Беларусі юрыд. і ідэйна-паліт. пераемніцай КПСС—КПБ. Праграмная заява прынята ў якасці Часовай праграмы партыі да чарговага з’езда КПБ. Прыняты таксама Часовы статут КПБ. Прынцыпова новае ў ім — стварэнне Вышэйшага савета партыі (ВСП), які выбіраецца на з’ездзе з найб. вопытных і аўтарытэтных камуністаў, «з’яўляецца гарантам адзінства КПБ і захавання статутных правоў членаў партыі». ВСП дадзена права распускаць ЦК КПБ і прызначаць датэрміновыя з’езды ў выпадку ўзнікнення рознагалоссяў у партыі, калі яны пагражаюць расколам. Свае функцыі ВСП ажыццяўляе без умяшання ў паўсядзённую работу ЦК і Цэнтр. рэвіз. камісіі. З’езд выбраў ВСП, ЦК КПБ, Цэнтр. рэвіз. камісію.
В.Ф.Кушнер.
т. 16, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)